Класная гадзіна на тэму РОБІМ ЗДАРОВЫ ВЫБАР


ДУА “Гімназія № 2 г.Наваполацка”
Класная гадзіна на тэму:
“РОБІМ ЗДАРОВЫ ВЫБАР”
Падрыхтавала
Белазорчык Вольга Генадзьеўна
Наваполацк
2016
РОБІМ ЗДОРОВЫ ВЫБАР
МЭТА: фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця праз пазбаўленне ад шкодных звычак.
ЗАДАЧЫ:
пазнаёміць з паняццем “шкодныя” і “карысныя” звычкі;
выявіць наяўнасць шкодных звычак ў школьнікаў;
вызначыць шляхі пазбаўлення ад шкодных звычак;
Форма занятка: інтэрактыўная гутарка.
Ход заняткаў:
Уступнае слова (слайд 1)
Сучаснае грамадства ўвесь час шукае шляхі ўдасканалення чалавека, пазбаўлення ад звычак, якія шкодзяць нашаму здароўю і замінаюць павышэнню культуры (слайд 2). Таму мы сёння разбяромся, якія звычкі шкодныя, а якія карысныя. Навучымся рабіць здаровы выбар.
Асноўная частка
Слова “звычка” вы чулі шмат разоў. А што такое “звычка”? (Адказы вучняў) Каб вызначыць, наколькі мы правільна растлумачылі сэнс слова, давайце звернемся да Вікіпедыі. Паспрабуйце праз свае мабільныя тэлефоны знайсці ў Інтэрнэце значэнне гэтага слова (Зачытваюць, а на экране з’яўляецца слайд 3).
У іншых крыніцах вы знойдзеце, што звычка (анг. Habit) - складзены спосаб паводзін, ажыццяўленне якога ў пэўнай сітуацыі набывае для індывіда характар патрэбы, з’яўляецца разнавіднасцю аўтаматызаваных дзеянняў.
Такім чынам, асобныя нашыя дзеянні носяць аўтаматычны і паўтаральны характар. Давайце назавём звычкі, якія ёсць у кожнага з нас, пры гэтым будзем па коле перадаваць мяч. Адказвае той, у каго ў руках мячык. Пачынаем з мяне (гаворыць і перадае вучням):
чысціць зубы, гуляць з сабакам перад сном, рабіць зарадку, есці семкі, аблівацца халоднай вадой, есці за камп’ютарам, слухаць музыку ў машыне,
доўга гаварыць па тэлефоне, знаёміцца ў Інтэрнэце з рознымі людзьмі, чытаць і есці цукеркі і г.д.
Мы назвалі невялікую колькасць звычак, якія ўспомнілі спехам, а іх вельмі многа. Усе звычкі можна класіфікаваць. Увага на экран (4 слайд).
Класіфікацыя звычак:
прафесійныя і бытавыя;
сацыяльныя і індывідуальныя;
якія ўзнікаюць паступова і амаль адразу;
карысныя і шкодныя.
Перад вамі табліца. Для прыкладу ў кожным радку запісана адна звычка, вам неабходна напісаць іншыя, якія ўспомняцца. У кожны радок дапісваем свае прыклады замест кропак. На выкананне задання адводзіцца 8 хвілін.
Прафесійныя Штодзень правяраць паштовую скрыню, …
Бытавыя Мыць посуд пасля ежы, …
Сацыяльныя Вітацца з усімі суседзямі, …
Індывідуальныя Грызці пазногці, …
Якія ўзнікаюць паступова Раніцай прымаць душ, …
Якія ўзнікаюць імгненна Прымаць наркотыкі, …
Карысныя Есці штодзень гародніну, …
Шкодныя Шмат размаўляць па тэлефоне, …
Захоўваем табліцу пад сваім імём ў папцы “Робім здаровы выбар”. Зачытваем прыклады звычак па чарзе.
( На дошцы з’яўляецца табліца, запоўненая педагогам са слоў вучняў. Абмяркоўваюцца спрэчныя моманты.)
Словазлучэнне «шкодная звычка» мы чуем увесь час, а як вы разумееце гэты выраз? (Адказы вучняў)
Зноў звяртаемся да Інтэрнэту (Хто першы знайшоў, чытае астатнім.) (слайд 5).
Шкодная – якая наносіць урон здароўю, культуры. Небяспечная.
Спачатку разбяромся, ці можаце вы адрозніць карысную звычку ад шкоднай. Правядзём конкурс. У слупок запісаны назвы розных звычак:
есці чыпсы;
гуляць перад сном;
чытаць у аўтобусе;
аблівацца халоднай вадой;
спазняцца на ўрокі;
шмат часоў сядзець за камп’ютарам;
чысціць зубы;
позна класціся спаць;
хадзіць увесь час у красоўках;
збіраць партфель з вечара;
есці на ноч.
Вы павінны зялёным колерам вылучыць карысныя. Дарожныя знакі, якія папярэджваюць нас пра небяспеку, афарбаваны ў чырвоны колер, таму мы шкодныя вылучым таксама чырвоным. Вам даецца 5 хвілін.
А зараз праверым, якія вы ўважлівыя. На экране будуць з’яўляцца малюнкі. Вы вырашаеце: карысная ці шкодная звычка на малюнку і падымаеце ўгору сігнальную картку (зялёную ці чырвоную). А эксперты будуць фіксаваць, хто хутчэйшы і больш уважлівы (слайд 8-16).
Мабыць, вы заўважылі, што ад некаторых звычак мы пазбаўляемся лёгка, а ёсць такія, што патрабуюць вялікіх намаганняў, каб ад іх пазбавіцца. З чым гэта звязана, хто ведае? (Адказы вучняў) Зразумела, гэта звязана з псіхалагічнымі і фізіялагічнымі працэсамі ў арганізме чалавека, таму кінуць курыць, ужываць алкаголь ці наркотыкі цяжка. Трэба дапамога медыкаў і псіхолагаў, каб пазбавіцца ад такой шкоднай звычкі. Вы можаце са мной паспрачацца, што ведаеце людзей, якія кінулі курыць самастойна. Так, але ім прыйшлося шмат працаваць над сабой. Атрымліваецца гэта далёка не ў кожнага і зусім не з першага разу.
Давайце паразважаем, як узнікаюць шкодныя звычкі? (Адказы вучняў)
Так, згодна з вамі. Мы іх капіруем і запазычваем у іншых (слайд 17).
Скажыце, а сродкі масавай інфармацыі ўплываюць на фарміраванне шкодных звычак? (Адказы вучняў)
Давайце на прыкладзе рэкламы ежы прасочым, як нам прывіваюць шкодныя звычкі. Аб’яднайцеся ў групы з тымі, у каго ёсць выхад у Інтэрнэт на мабільных тэлефонах ці смарфонах, і знайдзіце рэкламу, якая фарміруе шкодную звычку (прапануюць чыпсы, макароны хуткага прыгатавання, прысмакі замест ежы, піва і іншае). З кожнай групы прадстаўнік каменціруе шкоднасць знойдзенай рэкламы.
Калі вы паназіраеце за малымі дзецьмі, то заўважыце, што немаўляты любяць глядзець рэкламу. Яна больш гучная, яркая, бывае ў выглядзе мультфільмаў, з удзелам дзяцей. Як ужо дарослыя, вы павінны разумець, што да любой інфармацыі трэба падыходзіць крытычна. Рэклама накіравана на павелічэнне продажу тавару, а сачыць за сваім здароўем і выбіраць карасныя рэчы кожны павінен сам. Што больш карысна: з’есці цукерку, чыпсы ці садавіну, калі паабедаць няма магчымасці, а затрымацца ў школе трэба? (Адказы вучняў)
Шмат часу мы праводзім у школе, таму некаторыя шкодныя звычкі мы набываем менавіта ў школе. (слайд 18).
Але самая шкодная звычка, якая ўзнікае ў школьныя гады – курэнне. Некаторыя хлопцы здзіўляюцца, чаму так дрэнна растуць? Яны і не здагадваюцца, што прычына ўсяму – цыгарэта. Што з імі адбываецца і пры чым тут курэнне, мы ўбачым на прыкладзе (слайд 19). Навучэнцамі адной школы быў праведзены наступны эксперымент: пасадзілі 12 гарошын. Накрылі расліны шклянкамі. На працягу тыдня пад некаторымі шклянкамі палілі тытунь. Вынік быў нечаканы, але вельмі наглядны (слайд 20). Расліны, на якія ўздзейнічаў дым, дрэнна развіваліся і раслі вельмі слаба. Тое ж адбываецца і з дзецьмі. Хто рана пачынае курыць, у таго церпяць гармоны росту. Звярніце ўвагу, расліны самі не курылі, а толькі знаходзіліся ў дымным “памяшканні”. Чаму зараз дзяржаўная палітыка супраць курэння ў
грамадскіх месцах? (Разважанні вучняў)
Курыльшчыкі наносяць шкоду не толькі свайму здароўю, але і здароўю тых, хто побач. Вось чаму не дазваляецца курыць у грамадскіх месцах. Зрабіце вывад: не курыце і не дазваляйце курыць у вашай прысутнасці іншым.
Такім чынам, паўтаруся, что шкодных звычак у людзей шмат. Мы сёння звернемся да анкеты пад назваю “Мае звычкі” і адзначым умоўным значком усе звычкі, якія маем самі. Падлічваем, колькі з праванаваных звычак мы маем, дзелім гэтую лічбу на агульную колькасць звычак. Каб хутчэй падлічыць, скарыстайце калькулятар мабільнага тэлефона. У вас атрымліваецца працэнт наяўнасці шкодных звычак ад агульнай колькасці звычак, запісаных у анкеце.
НАПРЫКЛАД:
15: 63*100 =24%
АНКЕТА
Прачытайце ўважліва ўсе звычкі. Адзначце тыя, што для вас характэрны. Падлічыце іх колькасць і падзяліце на агульную.
Часта спазняцца
Шмат есці
Курыць
Грызці пазногці
Раскачвацца на стулах
Смактаць палец
Здзяйсняць дробныя крадзяжы
Ужываць алкаголь
Грызці ручку
Кідацца паперкамі на ўроку
Есці ў час прагляду тэлебачання
Выдумляць сябрам мянушкі
Ужываць вульгарныя словы
Жаваць жуйку
Часта піць каву
Гуляць на ўроку з мабільнікам
Плявацца
Ужываць наркотыкі
Ставіць падножкі
Церабіць вопратку ў час размовы
Торгаць сябе за вуха
Чытаць у транспарце
Есці на хаду
Гучна слухаць музыку
Перабіваць таго, хто гаворыць
Распісваць парту
Пстрыкаць ручкай
Стукаць нагой па падлозе
Чытаць лежачы
Дакранацца да суразмоўцы ў час размовы
Расшпільваць і зашпільваць маланку на вопратцы
Накручваць валасы на пальцы
Увесь час паглядаць на сябе ў люстэрка
Кусаць вусны
Закручваць старонкі кніг
Калыхаць нагой
Храбусцець пальцамі
Браць без дазволу чужыя рэчы
Пляткарыць
Грызці семкі
Кідаць нямыты посуд у ракавіне
Ідучы па вуліцы штурхаць каменне
Шмат гаварыць па тэлефоне
Кідаць смецце ў класе
Нешта крэсліць на паперы ў час размовы
Усіх высмейваць
Пазычаць грошы
З’язджаць па парэнчах
Сядзець на стале
Позна класціся спаць
Насіць чужое адзенне
Хадзіць зімою без шапкі
Увесь час нешта жаваць
Сплёўваць на падлогу
Гучна размаўляць
Займацца ўрокамі пад музыку
Піць таблеткі пры лёгкім нядужанні
Хадзіць у абутку па кватэры
Увесь вольны час сядзець у Інтэрнэце
Прагульваць урокі
Лаяцца з любой нагоды
Гуляць у азартныя гульні
Падманваць
Давайце абмяркуем, якія звычкі псуюць наша здароўе, а якія ўплываюць на ўзровень культуры? (Разважанні вучняў)
Усё шкоднае забараняецца. Зразумела, адной забаронай нічога не зробіш. Ці можаце вы дапамагчы самі сабе і іншым? (Адказы вучняў)
Сённяшня мы не проста абазначым праблему, а яшчэ і паспрабуем яе вырашыць: складзём правілы, якія дапамогуць пазбавіцца ад шкодных звычак(слайд 21-22). Калі ты “абвясціў бой” шкодным звычкам, палова справы ўжо зроблена.
Заданне наступнае. Дзелімся на дзве групы. Група працуе і распрацоўвае правілы пазбаўлення ад шкодных звычак. Калі ты хочаш пазбавіцца ад шкоднай звычкі:
абвясці сябрам, што больш не... (не курыш, не сварышся, не хлусіш);
кантралюй свае паводзіны;
знайдзі замену таму, ад чаго адмовіўся;
не трэба нервавацца па дробязях;
назірай за іншымі, каб убачыць праблему з боку;
выконвай правілы гігіены;
рэгулярна харчуйся;
цвёрда ідзі да мэты.
Пачні зараз і праз месяц ты ўбачыш, як зменіцца тваё жыццё!
Помніце, лепш не набываць, чым пасля пазбаўляцца. Вучыцеся рашуча казаць “Не!”, калі сябры ці аднакласнікі завуць пакурыць ці выпіць піва. Асцерагайцеся, калі незнаёмцы вам прапануюць цыгарэту ці курыльную сумесь. Гэта небяспечна для жыцця.
Вы стаміліся. Зараз адпачнём і пагуляем. Ролевая гульня. У нас тры героі: Падлетак, Незнаёмец, Сябар. (Тыя, хто будзуць выконваць ролі, выходзяць наперад. Не гледзячы, выбіраюць таблічкі з назваю ролі. Таблічкі замацоўваюць на адзенне, каб усе бачылі) (слайд 23).
Ролі размеркаваны і іх дзеянні вызначаны:
Незнаёмец: прапануе хлопцам нейкі пакецік з курыльнаю сумессю. Пераконвае, што нічога шкоднага з імі не будзе. Не спадабаецца – кінуць. Грошай не просіць, так частуе. Насміхаецца, што яны баязліўцы і малыя яшчэ.
Падлетак: згаджаецца, верыць Незнаёмцу, хоча ўзяць пакецік, прапануе сябру паспрабаваць. Радуецца, што грошай аддаваць не трэба. Упэўнены, што ён ужо дарослы і сам прыме рашэнне.
Сябар: … (паводзіны Сябра вызначаюць падлеткі).
Покуль нашы героі раяцца, кожны для сябе вырашае, як паступіў бы ён у падобнай сітуацыі. (Тры вучні шэптам абмяркоўваюць сітуацыю паміж сабою. Дэманструюць групе.). А зараз памяняйцеся ролямі. Абыграйце сітуацыю зноў.
Чаму Сябар выбраў такую лінію паводзін?
Сапраўдны сябар ніколі не параіць рызыкаваць здороўем і жыццём дзеля няпэўнага задавальнення.
Ці лёгка было пераўпэўніць Падлетка?
Чаму Незнаёмец быў настойлівы і перашкаджаў Сябру? (Разважанні вучняў). Каму ў такой сітуацыі больш складана? (Адказы вучняў)
Згодна, Падлетку сказаць “Не!” у такой сітуацыі цяжка. Але трэба быць катэгарычным і настойлівым. Некаторыя школьнікі паддаюцца на ўгаворы, бо баяцца, што будуць выглядаць як малыя ці нявартыя назвы “сапраўдны пацан”. Прапануйце самыя лепшыя довады ў такой сітуацыі. Вынікі запісваем: (слайд 24)
“Я займаюся спортам і курыць не буду”,
“Я даў слова, што не буду курыць у школьныя гады”,
“Мне не патрэбны праблемы са здароўем”,
“Курыць ужо не модна”,
“Я не зарабляю грошай, каб траціць іх на тытунь”,
“Я цябе не ведаю і мне ад цябе нічога не трэба”.
Падыміце руку, хто быў у сітуацыі выбару, як наш Падлетак? А каму прыходзілася ў жыцці адгаворваць сябра ад спакусы? Дзякуй, апусціце рукі. Спадзяюся, што ролю Незнаёмца ніхто з вас не выконваў! А каб у вас і жадання не было зарабіць “лёгкіх грошай” на продажы “Спайсу”, мы паглядзім дакументальны фільм пра журналісцкае даследаванне “Охота за разумом”. (Дэманстрацыя фільма на экране на працягу 6 хвілін). Што было далей, да якіх высноў прыйшлі медыкі, псіхолагі і работнікі органаў унутраных спраў, вы паглядзіце самастойна са сваімі бацькамі. Знайсці фільм вы можаце праз yandex.by ( HYPERLINK "http://www.tvr.by ) " www.tvr.by ) або праз TUT.by
Якія ўражанні ад убачанага? (Адказы вучняў)
Беражыце сябе, думайце пра будучыню, пазбаўляйцеся ад шкодных звычак і ўтрымлівайце ад неабдуманых учынкаў сваіх сяброў.
Рэфлексія.
Ці была для вас карыснай наша сустрэча?
У цэнтры – кляновы лісток. Яго трэба расфарбаваць:
Чырвоны – было сумна і нецікава.
Зялёны – спадабалася, набылі новыя веды.
Жоўты – трэба яшчэ адзін занятак прысвяціць гэтай тэме (слайд 25).
Дзякуй! Бачу толькі зялёныя і некалькі жоўтых лістоў. Буду задаволена, калі паведаміце мне, што пазбавіліся ад шкодных звычак.
Будзьце здаровыя і беражыце сябе! Да сустрэчы! (слайд 26).
Літаратура:
Охота за разумом «Журналистское расследование». О курительных смесях. - https://www.youtube.com/watch?v=cbPARSGhTmkhttp://lavrin.baranovichi.edu.by/be/main.aspx?guid=1821https://docviewer.yandex.by/?url=http%3A%2F%2Fwww.nastaunik.info%2Fsites%2Fdefault%2Ffiles%2Fpage%2Ffiles%2Fburko-zdarovy_vybar.docx&name=burko-zdarovy_vybar.docx&lang=be&c=5832fddfdd7b

Приложенные файлы


Добавить комментарий